Беларусь: улады ўзмацняюць пераслед студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта за мяжой і іх сем’яў

Каментуючы ўсё большую колькасць паведамленняў пра тое, што ў межах спробаў здушыць іншадумства за межамі Беларусі беларускія ўлады пераследуюць і запалохваюць студэнтаў ды іншых асоб, звязаных з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам (ЕГУ) у Вільнюсе (Літва), дырэктарка Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразерс заявіла:

«З пачаткам новага навучальнага года няспынная кампанія беларускіх уладаў супраць Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, які працуе ў выгнанні, набыла новы трывожны характар: узмацніўся наступ на права на адукацыю, свабоду выказвання меркаванняў і акадэмічную свабоду. Гэтая кампанія запалохвання больш не абмяжоўваецца студэнтамі ды іншымі асобамі, звязанымі з незалежным беларускім універсітэтам у Літве. Цяпер яна закранае іх сваякоў і блізкіх у Беларусі, паказваючы, што ўлады бессаромна ўжываюць свае рэпрэсіўныя метады далёка за межамі краіны.

Паступае ўсё больш паведамленняў пра тое, што дзясяткі людзей у Беларусі зазнаюць ператрусы, допыты, затрыманні і пагрозы, а таксама вымушаныя ціснуць на сваіх блізкіх, патрабуючы, каб тыя кінулі ўніверсітэт і павярнуліся ў Беларусь.

Улады ўжо прызналі ЕГУ “экстрэмісцкай арганізацыяй” і ўсё больш актыўна пераследуюць звязаных з ім людзей. Пашырэнне маштабаў гэтых захадаў выклікае занепакоенасць, што ўлады могуць пайсці далей, у тым ліку правесці паказальны “антыэкстрэмісцкі” судовы працэс над студэнтамі, выпускнікамі, супрацоўнікамі ўніверсітэта і іх сваякамі.

Пашырэнне маштабаў гэтых захадаў выклікае занепакоенасць, што ўлады могуць пайсці далей, у тым ліку правесці паказальны “антыэкстрэмісцкі” судовы працэс над студэнтамі, выпускнікамі, супрацоўнікамі ўніверсітэта і іх сваякамі

Мары Стразерс, дырэктарка Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі

Беларускія ўлады павінны спыніць гэтую кампанію пераследу і зняць з ЕГУ ды іншых арганізацый грамадзянскай супольнасці абсурднае і шкоднае кляймо “экстрэмісцкіх арганізацый”. Міжнародная супольнасць, у сваю чаргу, павінна прыкласці ўсе намаганні, каб аказаць ціск на беларускія ўлады і прымусіць іх спыніць наступ на правы чалавека. Улады Літвы таксама павінны аператыўна і эфектыўна расследаваць усе заявы пра парушэнні правоў чалавека студэнтаў ЕГУ».

Даведка

ЕГУ быў заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе як незалежны прыватны ўніверсітэт. У 2004 годзе беларускія ўлады пазбавілі яго ліцэнзіі, і ў 2005 годзе ўніверсітэт быў вымушаны пераехаць у Вільнюс (Літва). 14 красавіка 2026 года Вярхоўны суд Беларусі забараніў дзейнасць ЕГУ і прызнаў яго «экстрэмісцкай арганізацыяй» за меркаваныя «замахі на суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, асновы канстытуцыйнага ладу і грамадскую бяспеку».

З 2 па 4 чэрвеня 2026 года беларускія сілавікі правялі па ўсёй краіне скаардынаваную серыю ператрусаў і допытаў, накіраваных супраць звязаных з ЕГУ асоб і членаў іх сем’яў. Беларускі праваабарончы цэнтр «Вясна» задакументаваў больш за 60 ператрусаў. Паводле яго звестак, следчыя пагражалі людзям абвінавачаннямі паводле артыкулаў аб «экстрэмізме», у тым ліку заднім чыслом — у сувязі з плацяжамі на адрас ЕГУ пачынаючы з 2016 года. Паведамляецца, што падчас гэтай кампаніі некалькі чалавек, уключаючы сваякоў студэнтаў ЕГУ, былі ненадоўга затрыманыя. Да 17 жніўня «Вясна» вызначыла асобы як мінімум 175 чалавек, закранутых гэтай кампаніяй.

Былыя і цяперашнія студэнты ЕГУ, апытаныя Бі-бі-сі, распавялі, што падчас знаходжання ў Беларусі супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі (КДБ) пагражалі ім, спрабавалі схіліць іх да негалоснага супрацоўніцтва, утрымлівалі пад вартай без сувязі са знешнім светам і дапытвалі. Яны таксама паведамілі, што сваякам студэнтаў у Беларусі пагражалі крымінальным пераследам, калі студэнты, якія знаходзяцца за мяжой, не адлічацца з ЕГУ або не вернуцца ў Беларусь.

Беларускія ўлады пачалі шырока прызнаваць арганізацыі грамадзянскай супольнасці «экстрэмісцкімі» ў сярэдзіне 2022 года. Цяпер у адпаведны пералік уключаныя 376 «экстрэмісцкіх фарміраванняў і арганізацый». Дзевятнаццаць з іх дзейнічаюць за мяжой, у тым ліку Згуртаванне беларусаў у Вялікабрытаніі, Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой, Беларускі ПЭН-цэнтр і сетка «Народных амбасадаў», створаная беларускімі палітычнымі актывістамі ў выгнанні.