Беларусь: Вызваленне 250 палітычных вязняў — важны крок, але гэта не справядлівасць

Рэагуючы на вызваленне 250 чалавек, зняволеных у Беларусі па палітычна матываваных абвінавачваннях, уключаючы праваабаронцаў Марфу Рабкову і Насту Лойку, у межах пагаднення з ЗША, дырэктарка Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразэрс заявіла:

«Хоць вызваленне сотняў людзей, несправядліва зняволенных на падставе палітычна матываваных абвінавачвань, з’яўляецца станоўчым крокам, яго нельга ўспрымаць як пабеду справядлівасці. Марфа Рабкова, Наста Лойка, Валянцін Стэфановіч і іншыя не павінны былі правесці ў зняволенні аніводнага дня. Свабода ніколі не павінна станавіцца прадметам геапалітычнага таргу людзьмі. Справядлівасць не будзе дасягнута да таго часу, пакуль вінаватыя ў іх незаконным пазбаўленні волі не будуць прыцягнутыя да адказнасці».

«Улада Беларусі павінна неадкладна і без умоў вызваліць усіх, хто застаецца за кратамі выключна за ажыццяўленне сваіх правоў чалавека, адмяніць вынесеныя ім прысуды і пакласці канец сістэмным рэпрэсіям супраць крытыкаў урада. Далейшыя рэпрэсіі, уключаючы арышты і турэмныя зняволенні, якія мы працягваем назіраць, недапушчальныя», — падкрэсліла яна.

Далейшыя рэпрэсіі, уключаючы арышты і турэмныя зняволенні, якія мы працягваем назіраць, недапушчальныя

Мары Стразерс, дырэктарка Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі

Даведка

Дзевятнаццатага сакавіка ў Беларусі вызвалілі 250 зняволеных, уключаючы вядомых праваабаронцаў Марфу Рабкову, Насту Лойку і Валянціна Стэфановіча. Сярод вызваленых таксама Мікіта Залатароў, затрыманы ў 2021 годзе ва ўзросце 17 гадоў і прыгавораны да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Вызваленне стала вынікам перамоў з ЗША, якія, у сваю чаргу, пагадзіліся змякчыць шэраг санкцый, накіраваных супраць фінансавых інстытутаў і ключавых экспартных галін Беларусі. Паводле наяўнай інфармацыі, большасць вызваленых засталіся ў Беларусі, аднак прынамсі 15 чалавек былі перавезены ў Літву ў суправаджэнні амерыканскай дэлегацыі.

Гэтыя людзі былі затрыманыя, прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці і змешчаныя ў турму на падставе палітычна матываваных абвінавачванняў — у якасці пакарання за іх прафесійную дзейнасць, такую як праваабарончая праца, або за мірнае ажыццяўленне сваіх правоў чалавека, што адбыліся пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, спрэчныя вынікі якіх выклікалі пратэсты і справакавалі хвалю маштабных рэпрэсій, якія працягваюцца і сёння.