Рэагуючы на вызваленне беларускага апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча, якога ўтрымлівалі за кратамі з 2020 года, дырэктарка рэгіянальнага бюро Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стратэрс сказала:
“Палёгка ад навіны пра вызваленне Мікалая Статкевіча ідзе поруч з абурэннем глыбокай несправядлівасцю і асабістай траўмай, якую ён панёс за гады знаходжання за кратамі, адбываючы неабгрунтаваны турэмны тэрмін, падчас большай часткі якога ён быў у працяглай ізаляцыі. Гэта парушае абсалютную забарону катаванняў і іншага жорсткага абыходжання – у выніку, моцна пагоршылася яго здароўе. Вызваленне вязня сумлення пасля таго, як ён перанёс інсульт, не з’яўляецца актам правасуддзя, гэта прыкмета яго глыбокай адсутнасці.
Палёгка ад навіны пра вызваленне Мікалая Статкевіча ідзе поруч з абурэннем глыбокай несправядлівасцю і асабістай траўмай, якую ён панёс за гады знаходжання за кратамі, адбываючы неабгрунтаваны турэмны тэрмін, падчас большай часткі якога ён быў у працяглай ізаляцыі
Мары Стратэрс, дырэктарка рэгіянальнага бюро Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі
Улады Беларусі павінны спыніць практыку зняволення актывістаў, журналістаў і іншых апанентаў дзейных уладаў за мірнае ажыццяўленне сваіх правоў на свабоду выказвання меркаванняў, свабоду аб’яднанняў і сходаў. Улады павінны неадкладна і безумоўна вызваліць усіх несправядліва затрыманых і зняволеных па палітычна матываваных абвінавачваннях, у тым ліку вядомых праваабаронцаў Насту Лойку, Марфу Рабкову, Валянціна Стэфановіча і Віталя Чопіка.
Улады Беларусі здзейснілі жудасныя парушэнні. Яны павінны цалкам выконваць свае міжнародныя забавязанні па правах чалавека, а вінаватыя ў іх парушэнні павінны быць прыцягнутыя да адказнасці”.
Для даведкі
19 лютага 2026 года жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч пацвердзіла, што яе муж выйшаў з папраўчай калоніі асаблівага рэжыму пасля перанесенага інсульту і некалькіх тыдняў знаходжання ў турэмным шпіталі.
69-гадовы Мікалай Статкевіч, даўні крытык уладаў, вядомы лідар апазіцыі і былы кандыдат у прэзідэнты, быў арыштаваны 31 траўня 2020 года. Пазней яго асудзілі на 14 гадоў пазбаўлення волі па сфабрыкаваным абвінавачванні ў “арганізацыі масавых беспарадкаў” (артыкул 293(1) Крымінальнага кодэксу).
11 верасня 2025 года яго вызвалілі ў рамках палітычнай угоды паміж Беларуссю і ЗША. Аднак, у адрозненне ад іншых вызваленых вязняў, ён адмовіўся ад прымусовага высылкі з Беларусі і быў гвалтоўна вывезены з мяжы, а потым таемна вернуты ў папраўчую калонію, дзе пасля гэтага яго трымалі ў рэжыме інкамунікада. Падчас свайго апошняга зняволення, пачынаючы з 2020 года, ён быў у ізаляцыі на працягу доўгага перыяду часу і, як паведамляецца, некалькі разоў перахварэў кавідам, а 21 студзеня 2026 года перанёс інсульт.
Па стане на 20 лютага 2026 года паводле беларускага праваабарончага цэнтру “Вясна” ў Беларусі палітвязнямі з’яўляюцца 1144 асобы. Аднак гэты спіс не з’яўляецца поўным, ён грунтуецца на агульнадаступнай інфармацыі, якую ўлады Беларусі імкнуцца абмежаваць.


