Еўропа: выракі наконт «інструменталізацыі» міграцыі — разбуральны ўдар па абсалютнай забароне катаванняў

Сёння Еўрапейскі суд па правах чалавека вынес рашэнні па справах аб прымусовым вяртанні на мяжы Латвіі, Літвы і Польшчы з Беларуссю, таксама вядомым як выштурхоўванні. Гэта справы наконт “інструменталізацыі міграцыі”, якую Суд вызначае як дзеянні адной дзяржавы, якія заахвочваюць, спрыяюць або прымушаюць да міграцыі з мэтай дэстабілізацыі іншай дзяржавы.

Суд прыйшоў да высновы, што прымусовыя вяртанні на мяжы ў гэтым кантэксце з’яўляюцца парушэннем забароны катаванняў толькі ў тых выпадках, калі заяўнікі дэманстравалі “відавочную асабістую ўразлівасць” або маглі даказаць наяўнасць рэальнай і непасрэднай пагрозы жыццю або рызыкі жорсткага абыходжання. Каментуючы рашэнні, Мандзі Мударыква, кіраўніца аддзелу стратэгічных судовых працэсаў Amnesty International, заявіла:

“Гэтыя пастановы наносяць разбуральны ўдар па прававой пэўнасці і абароне правоў чалавека на межах у адпаведнасці з Еўрапейскай канвенцыяй па правах чалавека. Яны абмяжоўваюць абсалютную абарону, гарантаваную Канвенцыяй, толькі тымі асобамі, якія могуць прадэманстраваць відавочную ўразлівасць або тое, што яны знаходзяцца пад непасрэднай пагрозай. І гэта нягледзячы на тое, што Канвенцыя замацоўвае такія правы, як забарона катаванняў, у якасці абсалютных, і сам Суд прызнае гэты факт.

“Гэта сведчыць аб небяспечным адыходзе ад доўга дзейнага меркавання Суда аб тым, што патрабаванні да доказаў не павінны перашкаджаць абароне асобаў ад катаванняў і іншых забароненых відаў абыходжання. Ніякія праблемы, з якімі сутыкаюцца дзяржавы, ці нават сітуацыі “надзвычайнага становішча” не могуць вызваліць іх ад выканання забавязанняў у сферы правоў чалавека.

“У чарговы раз расава дыскрымінаваныя мігранты і бежанцы сутыкаюцца з шэрагам парушэнняў сваіх правоў: спачатку яны падлягалі гвалту з боку Беларусі, а зараз ім адмаўляюць у справядлівасці. Гэта змрочны дзень для правоў бежанцаў і мігрантаў у Еўропе і жорсткае нагадванне пра пашырэнне разрыву паміж забавязаннямі Еўропы ў сферы правоў чалавека і яе дзеяннямі.

“Але гэтыя рашэнні ні ў якім разе не з’яўляюцца зялёным святлом для дзяржаваў, каб ігнараваць правы людзей на мяжы. Як прызнаў Суд, дзяржавы па-ранейшаму абавязаныя выконваць міжнароднае права ў сферы правоў чалавека і правы бежанцаў, у тым ліку права на пошук прытулку.

Як трэці бок у дзвюх з трох справаў, Amnesty International сур’ёзна занепакоеная сённяшнім рашэннем. Мы вывучаем аргументацыю Суда ў сваёй сукупнасці і ў належны час апублікуем поўны аналіз”.

Для даведкі

Гэтыя тры выракі тычыліся разгляду скаргаў аб сур’ёзных парушэннях правоў чалавека, у тым ліку незаконных выштурхоўванняў, прымусовых вяртанняў мігрантаў і бежанцаў на мяжы Латвіі, Літвы і Польшчы з Беларуссю. Amnesty International падала ў Суд заявы аб удзеле ў разглядзе ў якасці трэцяга боку па справах супраць Літвы і Латвіі.

Суд прыйшоў да высновы, што прымусовыя вяртанні на мяжы з’яўляюцца парушэннем арт. 3 Канвенцыі (забарона катаванняў) толькі ў дачыненні да некаторых заяўнікаў у справах супраць Латвіі і Польшчы, надаючы значэнне здольнасці заяўнікаў або прадэманстраваць “відавочную асабістую ўразлівасць”, або прадэманстраваць рэальную і непасрэдную пагрозу жыццю або рызыку жорсткага абыходжання, каб прадухіліць іх прымусовыя вяртанні.

Суд таксама выявіў парушэнні права на свабоду (арт. 5) у справах супраць Літвы і Латвіі. У справе супраць Латвіі Суд таксама выявіў парушэнні артыкулу 3 у дачыненні да некаторых заяўнікаў у сувязі з матэрыяльнымі ўмовамі іх знаходжання на мяжы.

Amnesty International ужо даўно дакументуе выпадкі гвалту і парушэнняў правоў чалавека на гэтых межах. У гэтых краінах ЕС злоўжыванне надзвычайнымі паўнамоцтвамі перарасло ў шэраг парушэнняў правоў чалавека, сярод якіх незаконныя вяртанні, катаванні і іншыя віды жорсткага абыходжання, адвольнае затрыманне, а таксама выкарыстанне запалохвання і гвалту, каб прымусіць людзей вяртацца “добраахвотна”.